«Бык і ваўкі»

Насіў бык па горадзе косы, прадаваў, каму трэба. Тады на быка, якога звалі, дарэчы, Быска, гавораць:

– Нашто табе косы?

А бык адказвае:

– Буду касіць!

Пайшоў у двор, выкляпаў касу ды падаўся касіць. Косіць бык, ідзе да быка воўк і гаворыць:

– Ты Быска?

– Я Быска.

– Сена косіш?

– Кашу. 

– Рагамі круціш?

– Кручу.

– Хвастом мелеш?

– Мялю.

– Ці баішся ты мяне?

– Я вас дзесяцярых не баюся.

Воўк пайшоў шукаць другога ваўка. Знайшоў і гаворыць:

–  Там косіць бык, надта дужы. Аднаго мяне не баіцца.

Пайшлі ўдвух ваўкі да быка. Ідуць і гавораць:

– Ты Быска?

– Я Быска.

– Ты сена косіш?

– Кашу. 

– Рагамі круціш?

– Кручу.

– Хвастом мелеш?

– Мялю.

– Ці баішся ты нас дваіх?

– Не баюся.

Пайшлі ваўкі шукаць трэцяга ваўка. Знайшлі і гавораць:

– Там косіць бык, надта ж дужы. Нас дваіх не баіцца.

Пайшлі ўтраіх ваўкі да быка. Ідуць і гавораць:

– Ты Быска?

– Я Быска.

– Ты сена косіш?

– Кашу. 

– Рагамі круціш?

– Кручу.

– Хвастом мелеш?

– Мялю.

– Ці баішся ты нас траіх?

– Не баюся.

Пайшлі ваўкі шукаць чацвёртага ваўка. Знайшлі і гавораць:

– Там косіць бык, надта дужы, нас траіх не баіцца.

Пайшлі чацвёра ваўкоў да быка. Ідуць і гавораць:

– Ты Быска?

– Я Быска.

– Ты сена косіш?

– Кашу. 

– Рагамі круціш?

– Кручу.

– Хвастом мелеш?

– Мялю.

– Ці баішся ты нас чацвярых?

– Не баюся.

Пайшлі ваўкі шукаць пятага ваўка. Знайшлі і гавораць:

– Там косіць бык, надта дужы, нас чацвярых ён не баіцца.

Пайшлі пяць быкоў да ваўка. Ідуць і гавораць:

– Ты Быска?

– Я Быска.

– Ты сена косіш?

– Кашу. 

– Рагамі круціш?

– Кручу.

– Хвастом мелеш?

– Мялю.

– Ці баішся ты нас пяцярых?

– Не баюся.

Пайшлі ваўкі шукаць шостага. Тады бык ужо трохі спалоўхаўся і пайшоў назад у двор. Прыйшоў у свой двор, касу выкляпаў, а каня навучыў брыкаць, а казла навучыў таўчы, а барана навучыў бадаць, а пеўня навучыў дзерці. Тады ваўкі прыйшлі ўшасцёх на луг, а быка няма. Яны пайшлі да быка ў двор. Прыйшлі і гавораць:

– Ага, Быска, спалохаўся нас!

– Не, я не спалохаўся, а захацеў палуднаваць, дык і пайшоў у двор.

Тады яны – за быка, а бык іх касой, а конь пачаў брыкаць, а казёл стаў таўчы, а баран пачаў бадаць, а певень пачаў дзерці – ледзьве іх не забілі, ледзьве тыя ваўкі ўцяклі.